ПІ́КА ДЭ́ЛА МІРА́НДАЛА ((Pico della Mirandola) Джавані) (24.2.1463, Мірандала, каля г. Модэна, Італія — 17.11.1494),

італьянскі мысліцель і вучоны эпохі Адраджэння, гуманіст. Вучыўся ва ун-тах Балонні, Ферары, Падуі, дзе заснаваў схаластычную традыцыю арыстоцелізму і авераізму; разам з тым успрыняў культуру філал. гуманізму. Вывучаў у арыгінале Стары запавет і Каран, цікавіўся кабалой і «натуральнай магіяй». У сваіх «900 тэзісах» (1486) імкнуўся да ўсеагульнага «прымірэння. філасофіі»; лічыў, што ўсе рэліг. і філас. школы — прыватныя праявы адзінай ісціны. Папская курыя асудзіла 13 яго тэзісаў і яго самога. Пазней жыў у Фларэнцыі, далучыўся да гуртка Л.​Медычы і фларэнційскіх неаплатонікаў на чале з М.​Фічына (платонаўская Акадэмія), напісаў трактаты «Гептаплус» (1490), «Пра сутнае і адзінае» (1496). У творы «Супраць прадказальнай астралогіі» (1495) адмаўляў астральны дэтэрмінізм на карысць свабоды чалавечай волі. Яго працы паўплывалі на будучую натурфіласофію.

В.​В.​Краснова.

т. 12, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)